Першамай – свята вясны і працы – чырвоны дзень у календары, які ў нашай краіне лічыцца выхадным. Многія скарысталіся гэтай магчымасцю, паб пасадзіць на дачы агарод, іншыя, каб правесці дзень разам з сям’ёй і адпачыць ад штодзённых клопатаў. Праўда, пра аграрыяў гэтага не скажаш. Хоць азімы клін ужо засеяны на 74 %, механізатары па-ранейшаму працуюць у полі з ранку да позняга вечара, а таксама рыхтуюць тэхніку да корманарыхтоўкі. Улічваючы сёлетнюю сухую вясну, кожная гадзіна – на вагу золата.
Па традыцыі напярэдадні пасяўной кампаніі райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу аб’явіў конкурс сярод механізатараў на вясенне-палявых работах у наступных катэгорыях: сяўба, культывацыя, ворыва, унясенне арганікі, яе пагрузка і ўнясенне мінеральных угнаенняў. Па выніках дэкады – за перыяд з 1 па 10 красавіка – былі вызначаны пераможцы ў кожнай з намінацый. Прыемна, што ў лік лепшых механізатараў раёна трапілі працаўнікі ўсіх пяці гаспадарак.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрый Адула вырашыў распачаць узнагароджанне перадавікоў менавіта Першага мая.
Не першы год лепшым на ворыве становіцца араты РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” Віталь Трыбоцкі. Дарэчы, некалькі гадоў таму яго партрэт быў занесены на раённую Дошку гонару. Як і ўсе вясковыя працаўнікі, Віталь Іванавіч нешматслоўны і сціплы, ён прывык не да слоў, а да працы. Хоць пазней араты прызнаўся: яму вельмі прыемна, што працу вяскоўцаў бачаць і цэняць.
Адным з лепшых на ўнясенні арганікі не першы раз становіцца механізатар КСУП “Міхалішкі” Міхаіл Дашын.
З КСУП “Гервяты” прызёрамі спаборніцтваў на вясенне-палявых работах сталі ажно чатыры механізатары: Рымантас Трапшыс і Анджэй Ясевіч – на сяўбе, Іосіф Масевіч – на культывацыі, Рамуальд Бразевіч – на ўнясенні арганікі.
Не за гарамі корманарыхтоўка. Штогод у КСУП “Гервяты” на касавіцы шчыруе Рымантас Трапшыс, якому два гады таму даверылі новую модульную ратацыйную касілку КМП-9 – пракосы з дзевяці метраў яна аб’ядноўвае ў адзін валок. У механічных майстэрнях у Гервятах механізатар рамантаваў сваю жалезную памочніцу.
Анджэй Ясевіч не аднойчы станавіўся пераможцам і прызёрам конкурсу сярод аратых і прафсаюзнага спаборніцтва на вясенне-палявых работах. Мужчына прызнаецца, што ніякага сакрэту поспеху няма: галоўнае – каб не падводзіла тэхніка, а працаваць без перапынкаў на святы і выхадныя вяскоўцы ўжо даўно прывыклі.