Асаблівую ўвагу сельскагаспадарчай кампаніі надаюць прафесіянальныя саюзы аграпрамысловага комплексу. У мінулую пятніцу Вілейшчыну наведалі старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Лабушаў, кіраўнік Мінскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Бода. Разам са старшынёй Вілейскага раённага выканаўчага камітэта Алегам Бегунцом, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоліем Завацкім і старшынёй раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Аляксандрам Брылём яны наведаліся ў гаспадаркі Вілейшчыны, дзе ў пятніцу былі ўжо названы першыя тысячнікі на жніве.
Першай гаспадаркай, куды з прыгожай місіяй прыехалі вышэйназваныя ганаровыя госці, было ААТ «Новая Вілія» – тут вадзіцель Пётр Мінін першым у раёне перавёз тысячу тон збожжа.
Перад сустрэчай з героем дня мы наведаліся ў дыспетчарскую, дзе ўжо на працягу дваццаці пяці гадоў працуе Наталія Мандрык. Дыспетчарская любой гаспадаркі – гэта своеасаблівы штаб, куды сцякаецца ўся інфармацыя, вырашаюцца важнейшыя пытанні, збіраюцца звесткі па ўсіх работах, што выконваюцца. Практычна не змаўкае тэлефон у дыспетчарскай, і Наталія Станіславаўна з веданнем справы аператыўна прымае нейкія рашэнні, штосьці фіксуе, з кімсьці нешта абмяркоўвае.
Нядаўна Наталія Станіславаўна адзначыла сваё 55-годдзе, з чым і павіншавалі яе і прафсаюзныя лідары, і старшыня райвыканкама. Дзякуючы жанчыне за шматгадовую сумленную працу, Мікалай Лабушаў адзначыў, што добры дыспетчар – гэта істотная дапамога кіраўніцтву ў вырашэнні многіх пытанняў. Да таго ж Наталія Станіславаўна яшчэ і прафсаюзны лідар пярвічкі, а гэта адзначае, што яна ведае, чым сёння жывуць працаўнікі гаспадаркі, якія ў іх праблемы і запатрабаванні. Хоць нядоўгай, але цёплай і зацікаўленай атрымалася размова з дыспетчарам, а затым ёй урачыста ўручылі Падзячны ліст рэспубліканскага прафсаюза АПК і Міністэрства сельскай гаспадаркі, падарунак ад абласнога прафсаюза і грашовую прэмію.
На дзень нашага наведання гаспадаркі тут было ўбрана недзе трыццаць працэнтаў збожжавых, і ў хлебаробаў наперадзе яшчэ сур’ёзная праца. А ў тысячніка Мініна ёсць магчымасць стаць яшчэ і двухтысячнікам. Урэшце, час пакажа, а пакуль Пётр Віктаравіч настроены на высокі вынік. Ужо пасля, з хваляваннем прыняўшы Падзяку, падарункі і канверт з грашовай прэміяй, перадавы вадзіцель падзяліўся: «Ведаеце, які азарт ахоплівае, калі глядзіш, як сыплецца збожжа ў кузаў! Гэта не выказаць словамі…» З восемдзясят першага года працуе Мінін у гаспадарцы, за гэты час стаў сапраўдным прафесіяналам сваёй справы. Вось і ў сваёй машыне, якой адзінаццаць гадоў, кожны вінцік перабраў-падладзіў сваімі рукамі, каб хаця не здаралася ніякіх сур’ёзных паломак у адказную жніўную пару.
Наведаліся мы і ў селішчанскую сталовую, якая двойчы ў дзень адпраўляе на палеткі палявую кухню – карміць хлебаробаў. Повар Алена Матус расказала, што працуе ў гаспадарцы тры дзясяткі гадоў. На трыццаць чалавек рыхтуе яна зараз штодня абеды і на крыху меней – падвячоркі. Мяса і бульба – свае, з гаспадаркі, гародніну закупляюць у фермера. Атрымліваецца смачна і каларыйна, зусім па-дамашняму.
За нялёгкую, але такую важную работу Алене Матус таксама ўручылі Падзячны ліст, падарунак і грашовую прэмію.
ААТ «Нарачанскія зоры» – гаспадарка, якая вядома сваімі дасягненнямі не толькі на Вілейшчыне, але і за яе межамі. «Нарачанскія зоры» уваходзяць у трыццатку лідараў вобласці па ўраджайнасці збожжавых, а нарачанскія аператары КЗС – у абласной зводцы перадавікоў. З віншавання перадавых аператараў зернесушыльнага комплексу гаспадаркі Эдуарда Радзевіча і Ігара Чараповіча пачалося знаёмства з героямі жніва «Нарачанскіх зораў». На гэты дзень (2 жніўня) на рахунку Эдуарда Эдуардавіча было больш за паўтары тысячы тон збожжа насеннага фонду (зразумела, што працаваць з ім давяраецца самым адказным і кваліфікаваным спецыялістам), а Ігар Пятровіч ужо меў тры тысячы тон дасушанага збожжа. Да Падзячнага ліста, падарункаў ад абласнога прафсаюза тут далучыўся і кіраўнік гаспадаркі Генадзь Кучко, які цёпла павіншаваў перадавікоў за шчырую працу і ўручыў ім канверцікі, адзначыўшы, што гэта толькі прамежкавае падвядзенне вынікаў, а галоўнае будзе пасля, калі важнейшая сельскагаспадарчая кампанія завяршыцца. А пакуль падзячныя словы, віншаванні і падарункі… У тым ліку і музычныя, якія падаравала добра ўсім знаёмы калектыў «Бабіна лета» (кіраўнік – Сяргей Рудніцкі).
Сустрэча з тысячнікамі «Нарачанскіх зораў» адбылася на полі, дзе гэтыя два камбайнавыя экіпажы працавалі. Па шматгадовай добрай традыцыі тысячны рубеж першымі перайшлі экіпажы Аляксандра і Мікалая Гарэлікаў і Руслана Садоўскага з памочнікам Уладзімірам Куліцкім.
Дзясяты сезон працуе на жніве і яшчэ адзін прадстаўнік яркай дынастыі хлебаробаў – Руслан Садоўскі. Са школьных гадоў хлопец разам са сваім братам жыў клопатамі жніва, дапамагаў бацьку-камбайнеру. Дарэчы, і бацька, і брат сёлета таксама працуюць на жніве. Пасля і сам Руслан стаў камбайнерам, узначальваў маладзёжны экіпаж. Атрымаўшы вышэйшую адукацыю, Руслан працуе зараз у гаспадарцы галоўным інжынерам, а на час жніва садзіцца за штурвал камбайна, працуе сумленна, шчыра, самааддана. І вынікі гэтай працы радуюць.
Віншуючы перадавікоў хлебнай нівы Вілейшчыны, сталічныя госці расказвалі ім пра навіны з іншых раёнаў Міншчыны. Так, на дзень гэтых сустрэч працаўнікамі сталічнай вобласці было ўбрана звыш паловы плошчаў збожжавых, болей за дзвесце зернеўборачных экіпажаў пераадолелі тысячны рубеж, а пяць – нават двухтысячны. З кожным днём больш важкім становіцца збожжавы паток Міншчыны, у якім і дастойны ўнёсак нашых хлебаробаў, пра якіх мы расказалі ў гэтым матэрыяле. Мы ганарымся імі і жадаем далейшага плёну ў працы.