Штогод дзякуючы плённай працы работнікаў сельгаспрадпрыемства павышаюцца аб’ёмы вытворчасці. Нягледзячы на капрызы надвор’я, у мінулым годзе вырашчаны і сабраны добры ўраджай. Валавы збор збожжа склаў больш за 11 тысяч тон. Па стану на 1студзеня 2019 года колькасць буйной рагатай жывёлы складае 2921 галаву, у тым ліку 1280 галоў дойнага статку, 9270 галоў свіней. Сярэдні надой малака ад каровы складае 6723 кг, што на 221 кг больш леташняга паказчыка. Выручка за 2018 год склала 16064 тысячы рублёў. На сённяшні дзень чысты прыбытак гаспадаркі складае 1970 тысяч рублёў, што амаль на 50 тысяч больш паказчыка 2017 года. Тэмп росту прадукцыйнасці працы па выручцы склаў 121,1%.
Улічваючы станоўчыя вынікі работы гаспадаркі за 2018 год, КСУП “Лукі-Агра” стала пляцоўкай правядзення калегіі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, у якой прынялі ўдзел міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Леанід Заяц, намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіл Русы, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, старшыня Карэліцкага райвыканкама Віктар Шайбак, намеснікі старшыняў аблвыканкамаў, старшыні камітэтаў па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкамаў.
Падчас правядзення калегіі яе ўдзельнікі наведалі МТФ «Далматаўшчына” і мехмайстэрні КСУП “Лукі-Агра». Толькі са станоўчага боку была адзначана праца калектыву малочнатаварнай фермы, якая па выніках 2018 года паказала добрыя вынікі ў малочнай галіне: надой на адну ўмоўную карову склаў 7720 кг малака, дадаўшы да ўзроўню 2017 года 474 кг. Гэта вынік таго, што на МТФ “Далматаўшчына” з поўнай адказнасцю падыходзяць да ўзнаўлення пагалоўя дойнага статку як аднаго з фактараў, які вядзе да атрымання высокіх надояў.
Умела і кампетэнтна кіруе тэхналагічнымі працэсамі на МТФ намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі Аляксандр Капіца. Нездарма ў 2018 годзе прадпрыемства заняло 3-е месца ў абласным спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці галіны жывёлагадоўлі.
Машынны двор КСУП «Лукі-Агра» – прыклад гаспадарлівасці і адказнага падыходу да справы. У цяпершні час механізатары гаспадаркі занятыя падрыхтоўкай тэхнікі да вясенне-палявых работ. Вынік іх працы – высокі працэнт гатоўнасці тэхнікі да пасяўной, які складае 80%.
Паспяхова кіруюць гэтым участкам галоўны інжынер Генадзій Жыгала і загадчык мехмайстэрні Юрый Трыбуць. Мехмайстэрні КСУП “Лукі-Агра” неаднаразова станавіліся пераможцам раённых і абласных аглядаў-конкурсаў.
Важнай галіной на прадпрыемстве з’яўляецца свінагадоўля.
Свінагадоўчы комплекс КСУП “Лукі-Агра” названы лепшым сярод 31 прадпрыемства Гродзеншчыны. У 2018 годзе вырашчана 2339 тон свініны, што на 207 тон больш, чым летась. Узрасла і рэалізацыя свініны дзяржаве на 107,5% . Сярэднясутачныя прывагі склалі 732 грамы, дадаўшы 71 грам да паказчыка 2017 года. Нагодай для гонару з’яўляецца і рэнтабельнасць комплексу – 33,9 %, якая ў параўнанні з 2017 годам узрасла на 10,7%. На абласны п’едэстал узнялася Святлана Максімовіч, якая заняла трэцяе месца сярод аператараў свінагадоўчых комплексаў.
Асабліва трэба падкрэсліць, што працаўнікамі нарыхтавана 11057 тон кукуразнага сіласу і 14057 тон сенажу. У 2018 годзе гаспадаркай рэалізавана ў заліковай вазе 26211 тон цукровых буракоў. Выручка склала 1651 тысячу рублёў, рэнтабельнасць – 34,1%.
У цэлым за 2018 год аграрыі гаспадаркі атрымалі 671 тысячу рублёў прыбытку. Рэнтабельнасць раслінаводчай прадукцыі склала 34,3%.
Паважаныя працаўнікі і ветэраны камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Лукі-Агра”!
Прыміце сардэчныя віншаванні з нагоды юбілею. 70 гадоў – дата, якая аб’ядноўвае не адно пакаленне работнікаў, гэта дата – даніна памяці і ўдзячнасці ўсім, хто душой і сэрцам звязаны з прадпрыемствам, хто ўнёс свой бясспрэчны ўклад у станаўленне і развіццё гаспадаркі. Таму асаблівыя словы віншаванняў і ўдзячнасці адрасуюцца людзям сталага ўзросту, якія ўсё жыццё адпрацавалі ў роднай гаспадарцы. Менавіта яны заклалі аснову сучасных дасягненняў прадпрыемства, перадалі свой вопыт і майстэрства маладому пакаленню работнікаў.
Дарагія ветэраны! Дазвольце пажадаць вам даўгалецця, моцнага здароўя, сямейнага цяпла, радасці ад дзяцей і ўнукаў, міру і дабрабыту!