1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 303-87-47
ГлавнаяНовостиУВАГА І НІЗКІ ПАКЛОН КОЖНАМУ ВЕТЭРАНУ
29 апреля 2022

УВАГА І НІЗКІ ПАКЛОН КОЖНАМУ ВЕТЭРАНУ

Напярэдадні Дня Перамогі профлідар Несвіжскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК наведала ветэрана ВАВ 97-гадовага Уладзіміра Пятровіча Чурылу.

Імя Уладзіміра Пятровіча Чурылы на Нясвіжчыне вядома ўсім. Гэта чалавек, які зведаў на сваім жыццевым шляху голад і холад, бачыў смерць, перажыў вайну. Не проста перажыў, а быў удзельнікам таго страшнага ліхалецця. У 18 гадоў трапіў на фронт. Служыў сувязістам-кабельшчыкам, вызваляў Варшаву, вайну закончыў у Берліне. Пасля вайны вярнуўся ў сваю родную веску Саска Ліпка, за работу браўся ўсялякую, калгаса тады яшчэ не было, у бацькоў было 9 га зямлі. Працы хапала. А калі арганізаваўся калгас, працаваў паляводам. Усе жыцце на зямлі: вырошчваў хлеб і  карміў жывёлу. А яшчэ граў на гармоніку – дзеля пацехі сябе і сваіх аднавяскоўцаў.

–  Працаваць трэба сумленна, — адзначае Уладзімір Пятровіч. І сваей працай паказвае прыклад маладому пакаленню. У свае 97 гадоў пляце кошыкі, трымае дзве казы, садзіць агарод. А яшчэ радуецца прыезду сваіх дзяцей і ўнукаў, якіх таксама выгадаваў у любові да працы.

Напярэдадні Дня Перамогі ў хату да Уладзіміра Пятровіча завіталі намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Балцянкоў, старшыня Нясвіжскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Святлана Антончык, вучні мясцовай школы, прадстаўнікі сацыяльнай службы, паштовай сувязі і ўручылі ветэрану матэрыяльную дапамогу згодна Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама і каштоўныя падарункі. Уладзімір Пятровіч шчыра падзякаваў за клопат і ўвагу, а таксама паабяцаў сустрэцца 9 мая і зайграць на гармоніку.

— Дзякуй за тое, што мы жывем у мірны і шчаслівы час, паважаны наш ветэран, здароўя Вам і спакою, — на развітанне пажадала Уладзіміру Пятровічу Святлана Антончык.