Штогод па ініцыятыве Астравецкай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу на Астравеччыне праходзяць працоўныя спаборніцтвы на нарыхтоўцы кармоў, на ўборачнай і пасяўной кампаніях.
Сёлета было вырашана адзначыць па тры прызёры ў кожнай з трох намінацыях: касьба, падбор і здрабненне зялёнай масы, прэсаванне і абмотка падвяленай травы.
Напрыканцы мінулага тыдня старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрый Аляксандравіч Адула і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Расціслаў Іванавіч Бразінскі павіншавалі пераможцаў зялёнага жніва і ўручылі ім падарункі.
Адметна, што першыя прыступкі ўсяго касавіцкага п’едэсталу занялі гервяцкія механізатары: лепшым касьбяром стаў Рымантас Вацлававіч Трапшыс, які скасіў 1 250 гектараў, найбольш у раёне – а гэта 5 847 тон на кормаўборачным камбайне “Ягуар” убраў Міхаіл Часлававіч Янч, а найбольш “зялёнкі” (907 тон) абматаў у стрэйч-плёнку Юрый Леанардавіч Рэвака.
Крыху саступілі гервятцам механізатары КСУП “Гудагай”, якія ва ўсіх заяўленых намінацыях занялі ІІ месцы: Зыгмунд Адамавіч Лукашэвіч (970 гектараў) – у касьбе, Віталь Віктаравіч Мілэйша (4 876 тон) – у падборы і здрабненні травы, Віктар Францавіч Грымбоўскі (837 тон) – у прэсаванні і абмотцы “зялёнкі”. Яшчэ адзін гудагайскі механізатар Сяргей Іосіфавіч Яблонскі (4 286 тон) паказаў трэці вынік сярод камбайнераў.
Механізатары КСУП “Міхалішкі” – Валерый Лявонавіч Сташко і Іван Іосіфавіч Юшчык з трэцім вынікам у раёне кожны у сваёй катэгорыі – касьба (946 гектараў) і абмотка травы (545 тон) адпаведна – завяршылі першы ўкос.
Па ўмовах спаборніцтва гр
ашовай прэміяй быў адзначаны загадчык раслінаводчага ўчастка №1 КСУП “Гудагай” Андрэй Іванавіч Калпак, з участку якога пачалася раённая касавіца.