1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 303-87-47
ГлавнаяНовостиВалянціна Пузырэўская ўзнагароджана ў рамках рэспубліканскай прафсаюзнай акцыі «Наш жывёлавод»
30 января 2023

Валянціна Пузырэўская ўзнагароджана ў рамках рэспубліканскай прафсаюзнай акцыі «Наш жывёлавод»

Валянціна Пузырэўская працуе аператарам машыннага даення на МТФ «Наваселле» ААТ «Агратэхсэрвіс» на працягу дзевятнаццаці год. Любіць сваю справу і лічыць яе вельмі патрэбнай для грамадства.
— Я мясцовая, нарадзілася ў вёсцы Казакі, цяпер пражываю ў аграгарадку Наваселле, — кажа Валянціна Аркадзьеўна. — Пасля заканчэння школы пайшла працаваць у калгас, у галіну жывёлагадоўлі. Некаторы час жыла ў вёсцы Лучай, што на Пастаўшчыне. Па сямейных абставінах вярнулася на малую радзіму, уладкавалася на мясцовую ферму даяркай, аб чым ніколі не пашкадавала. Вядома, праца складаная, але я прывыкла, тым больш, што ўжо чвэрць стагоддзя ў жывёлагадоўлі. У маім гурце 43 каровы і да кожнай трэба знайсці свой падыход, праявіць ласку, каб яна дала больш малака.
Па выніках працы за снежань мінулага года Валянціна Аркадзьеўна надаіла 18,3 тоны малака. У сярэднім ад адной каровы жанчына атрымала 426 кілаграмаў каштоўнага прадукту харчавання. Дарэчы, гэты паказчык за апошні месяц 2022 года — самы высокі ў раёне.
У канцы студзеня старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяна Альшэўская і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі сельгаспрадпрыемства Яся Краснікава наведалі на даму перадавую даярку. У межах рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод» яны павіншавалі Валянціну Аркадзьеўну з працоўнымі поспехамі, пажадалі трывалага здароўя, сямейнага шчасця, а таксама ўручылі грашовыя прэміі.
— На такіх працаўнікоў раўняюцца іншыя аператары машыннага даення, — з упэўненасцю адзначыла Яся Станіславаўна. — Валянціна Аркадзьеўна з’яўляецца прыкладам сумленнага работніка.
Газета «Клiч Радзiмы»