1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 303-87-47
ГлавнаяНовостиВіншаванні са 100-гадовым юбілеем прымала жыхарка Гервят Яніна Шарухіна
30 мая 2024

Віншаванні са 100-гадовым юбілеем прымала жыхарка Гервят Яніна Шарухіна

Жыхарка аграгарадка Гервяты Гродзенскай вобласці Яніна Шарухіна адзначыла 100-гадовы юбілей. У гэты дзень яна прымала віншаванні не толькі ад родных.

З падарункамі, кветкамі і пажаданнямі да юбіляршы завіталі старшыня Астравецкай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Юрый Адула і прадстаўнікі КСУП «Міхалішкі» і «Гервяты», спецыяліст Тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ірына Шляхтун.

Яніна Эдвардаўна сустрэла гасцей у бадзёрым настроі і яшчэ больш узрадавалася, што да яе прыехалі і з Міхалішак, дзе яна адпрацавала шмат гадоў.

– Дзякуй вялікі за віншаванні! Дай Бог і вам пражыць доўга, не хварэць, каб паважалі вас і апекваліся вамі дзеці, унукі і праўнукі, – жадала ў адказ на цёплыя словы ў свой адрас юбілярша. –  Мне пашанцавала: маю клапатлівую дачку Аню, 4 унукаў і 7 праўнукаў. Я вельмі шчаслівая! Толькі б зараз мне ў той узрост, калі было гадоў 70. (Смяецца.)   

Колькі было ў жыцці гэтай жынчыны і падзей, і выпрабаванняў – яна помніць усё.

Як старэйшая з 5-ті дзяцей, гадавала малодшых сястру і братоў, бо бацькі ці на працы, ці  на хатняй гаспадарцы. Скончыла 4 класы польскай школы, а астатняе, што магла – напрыклад, рускую мову, – вывучала самастойна.

– Умею па-беларуску, па-руску і па-польску. Спяваць умею, усё жыццё любіла гэта, – расказвае Яніна Эдвардаўна. – Я «спявучая», ды і ўся сям’я такая была: бацька любіў спяваць, маці па маладосці ў касцёльны хор хадзіла, сястра і браты спявалі.

Асаблівая старонка жыцця жанчыны – Вялікая Айчынная вайна.

– Каб яе не бачыць і не чуць пра яе! Многа расказваць не буду, не хачу. Пачатак вайны памятаю. Мы жылі ў 2-х кіламетрах ад Міхалішак. Ноччу 22 чэрвеня запалілася святло і паляцелі самалёты, а потым – бомбы на аэрадром. Які гэта жах быў! У мяне, 20-гадовай, за тую ноч сівыя валасы з’явіліся, – ўспамінае доўгажыхарка. – Хай жа б вам не зведаць такой бяды! Як скончылася вайна, мы ад радасці не ведалі, што рабіць. А ўжо 80 гадоў прайшло! Прасіце Бога, калі ў яго верыце, каб вайны не было, каб мы жылі шчасліва.

– Я шмат працавала: і ў калгасе ў Міхалішках, і ў бальніцы, і на цагельным заводзе. Цяжка было, калі грошай не плацілі, але нічога, вытрымала. Лічу: чым больш працуеш, тым болей будзеш жыць, – дзеліцца сакрэтам даўгалецця юбілярша.

Яніна Эдвардаўна сёння – гэта не толькі сведка вялікага часу гісторыі, але і прыклад стойкасці, мужнасці, працавітасці і веры. У 48 гадоў яна засталася ўдавой з маленькай Аняй на руках. Пасля выйшла замуж яшчэ раз – другі муж пайшоў з жыцця ў 1997 годзе. Тады дачка купіла ёй хату ў Гервятах, але неўзабаве, калі маці стала слабець, забрала да сябе – тут жанчына пад добрым і надзейным наглядам.

– У 92 гады мама зламала нагу ў сцягне: год праляжала, але ўстала. Да 90-та хадзіла ў касцёл. Заўсёды нешта вязала для ўсіх нас, – расказвае дачка. – Мама ў нас малайчына!

Светлана Фёдорова, фота аўтара

«Астравецкая праўда»