Свята ладзілася ў сельскім цэнтры культуры і адпачынку аг. Мікіціха. Сюды былі запрошаны лепшыя хлебаробы раёна, прадстаўнікі аддзелаў райвыканкама, а таксама пярвічных прафсаюзных арганізацый усіх прадпрыемстваў раёна. Прыехаў на свята старшыня Беларускага прафесійнага саюза працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Мікалай Лабушаў. У знак удзячнасці за наведванне шумілінскай зямлі галоўныя аграномы Алеся Антонава з КУСГП “Сіроцінскі” і Вольга Каралёва з сельгаспрадпрыемства “Лаўжанскае” ўручылі Мікалаю Аксёнавічу каравай з зерня новага ўраджаю – галоўны сімвал багацця, дабрабыту і гасціннасці. У сваю чаргу М. Лабушаў павіншаваў вясковых працаўнікоў Шуміліншчыны са святам і адзначыў, што такое мерапрыемства змагло адбыцца перш за ўсё працавітым рукам хлебаробаў і іх здабыткам. якіх аб’ядналі не толькі праца на зямлі, але і прафесійныя саюзы. За асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны Мікалай Аксёнавіч уручыў граматы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь камбайнеру ААТ “Прыазёрны мір” Аляксандру Раманятаву і механізатару сельгаспрадпрыемства “Лаўжансскае” Васілю Плікусу, падзякі – вадзіцелю Віктару Пашкоўскаму з ААТ “АграБаравінка”, камбайнерам Алегу Барысевічу і Пятру Бардзюкову з “Лаўжанскага”. Многія вясковыя працаўнікі былі ўзнагароджаны падзякамі рэспубліканскага камітэта прафесійнага саюза работнікаў АПК.
Усіх прысутных і ўдзельнікаў мерапрыемства прывітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Гутараў. Як адзначыў кіраўнік раёна, гэты год для хлебаробаў быць хоць і нялёгкі, але плённы: ураджай атрымалі намнога большы, чым у мінулым годзе. Аднак яшчэ ёсць над чым працаваць, да чаго імкнуцца, і рабіць гэта трэба згуртавана, у адной камандзе – толькі тады будзе вынік. Лепшым камбайнерам, вадзіцелям, аграномам, механізатарам В. С. Гутараў уручыў Ганаровыя граматы райвыканкама і Ганаровыя граматы ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама.
Слова трымалі старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Міхаіл Прыдыбайла і в. а. старшыні абласной прафсаюзнай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Маргарыта Іванчанка. Яны гаварылі пра дапамогу прафсаюзаў у час жніва, пра надзейнасць шумілінскіх хлебаробаў, пра тыя плюсы, якіх яны дасягнулі ў гэтым годзе, жадалі і надалей рэгулярна прыбаўляць ураджайнасць зерневых. Вясковыя працаўнікі атрымалі падзякі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта і Ганаровыя граматы абласнога камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК.
Граматамі раённага аб’яднання прафсаюзаў узнагароджаны загадчыца сталовай сельгаспрадпрыемства “Лаўжанскае” Святлана Духовіч, а таксама індывідуальны прадпрымальнік Васіль Мацуганаў – менавіта ў яго прыватным кафэ гатуюцца абеды для механізатараў з многіх сельгасарганізацый.
Ганаровыя граматы і каштоўныя падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК уручыла перадавікам старшыня райкама Вольга Пусянкова.
У фае сельскага цэнтра культуры і адпачынку ў гэты дзень таксама было святочна: работнікі Дома рамёстваў і цэнтральнай раённай бібліятэкі падрыхтавалі выставу “Наша хата хлебам багата” і запрашалі гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства пачаставацца хлебам і булкамі, спечанымі па даўніх рэцэптах нашых продкаў. Работнікі гісторыка-краязнаўчага музея запрашалі наведаць выставу “Хлеб ад зямлі, ад хлеба – багацце”, дзе можна было ўбачыць здымкі сённяшніх і ранейшых перадавікоў вытворчасці.
Мерапрыемства вясёлымі песнямі і танцамі аздобілі артысты раённага цэнтра культуры. Жывой музыкай на баяне, цымбалах, скрыпцы, гітары, дудзе, жалейцы і іншых інструментах, а таксама народнымі песнямі і танцамі парадавалі ўдзельнікі Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі “Свята” (кіраўнік Вячэслаў Статкевіч). Сталічным артыстам уручылі кветкі і сувеніры ад шумілінскай зямлі.