1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 303-87-47
ГлавнаяНовостиВыпадковых людзей няма
31 мая 2018

Выпадковых людзей няма

У вёску Нача з мэтай вызначыць лепшага спецыяліста ў гэтай прафесіі з’ехаліся 14 тэхнікаў-асемянатараў з усіх сельгаспадарак Полацкага раёна. Іх шчыра віталі намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Полацкага райвыканкама Наталля Тышкевіч, дырэктар філіяла “Полацкая племстанцыя” РУП “Віцебскае племпрадпрыемства” Наталля Гарчакова, старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Дабраслаўскі і дырэктар УП “Полацк-Мілк” Віталь Кузякоў. 
Дырэктар філіяла “Полацкая племстанцыя” РУП “Віцебскае племпрадпрыемства” Наталля Гарчакова ў прывітальным слове адзначыла, што конкурс прафесійнага майстэрства праводзіцца з мэтай папулярызацыі прафесійнай дзейнасці працаўнікоў па штучным асемяненні жывёл, зацікаўленасці іх у дасягненні высокіх паказчыкаў па аднаўленні статка, абагульнення і распаўсюджання вопыту пра перадавыя метады штучнага асемянення жывёл, стварэння спрыяльных умоў для прафесіянага росту і матэрыяльнага заахвочвання працаўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый Полацкага раёна. Наталля Міхайлаўна падкрэсліла, што тэхнікі-асемянатары ў многім вызначаюць паспяховае развіццё жывёлагадоўчай галіны Полацкага раёна. “У гэтай прафесіі выпадковых людзей няма. Многія з удзельнікаў сённяшняга конкурсу –  прафесіяналы з вялікай літары. Для ўсіх удзельнікаў раённы “экзамен” будзе карысным у плане пераймання вопыту”, — адзначыла Наталля Міхайлаўна. Старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Дабраслаўскі нагадаў пра захаванне на працоўных месцах тэхнікі бяспекі і пажадаў удзельнікам раённага конкурсу поспехаў.
Статак Полацкага раёна налічвае 13 тысяч кароў і 5 тысяч цялушак. У сярэднім на кожнага асемянатара (усяго іх 28) прыходзіцца 643 жывёлы пры норме 500. У некаторых гаспадарках адзін асемянатар абслугоўвае больш за тысячу кароў. Пра вынік іх працы яскрава сведчаць лічбы: штодзень у Полацкім раёне нараджаюцца ад 50 да 70 бычкоў і цялушак, кожную гадзіну – 2-3 цяля.
Журы раённага конкурсу ўзначальвала намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Полацкага райвыканкама Наталля Тышкевіч, ёй дапамагалі старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Дабраслаўскі, ветурачы УП “Полацк-Мілк” і ААТ “Полацкі камбінат хлебапрадуктаў”, спецыялісты філіяла “Полацкая племстанцыя”. Веды і ўменні канкурсантаў ацэньваліся па бальнай сістэме ў тэарэтычнай і практычнай частках конкурсу.
Падлік балаў вызначыў пераможцаў конкурсу. Першае месца заняў неаднаразовы ўдзельнік абласных конкурсаў Аляксандр Зязюлін з ААТ “Новыя Гараны”, другое – вопытнейшы спецыяліст са стажам працы больш за 30 год Уладзімір Мацялёнак з УП “Полацк-Мілк”, трэцяе – прафесяінал сваёй справы Таццяна Барада з філіяла “Гараны-агра” ААТ “Полацкі камбінат хлебапрадуктаў”. Пераможцам уручылі каштоўныя памятныя прызы і дыпломы ад арганізатараў конкурсу, а заахвочвальныя прызы ад Полацкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу атрымалі ўсе ўдзельнікі.
Ад працы асемянатараў залежыць рост пагалоўя буйной рагатай жывёлы, і адпаведна – вытворчасць малака і мяса. Таму гэтай прафесіі заўсёды надаецца пэўная ўвага.
Па матэрыялах газеты “Полацкі веснік”.