Летась пад рапс гудагайцы адвялі 450 гектараў, які даў на круг 35 цэнтнераў. Сёлета плошча вырошчвання крыжакветкавага павялічыцца на 150 гектараў.
Напачатку тыдня насенне рапсу прыгортвалі ў глебу дзве сеялкі, адна з якіх вытворчасці аўстрыйскай фірмы “Pottinger”, нядаўні набытак гаспадаркі. Новую тэхніку даверылі аднаму з самых вопытных сейбітаў Вацлаву Кандратовічу.
На ворыве ў КСУП “Гудагай” першы сезон працуе механізатар Уладзімір Жук. Сюды малады чалавек крыху менш за год перайшоў з КСУП “Прыгранічны” Ашмянскага раёна.
На полi каля вёскі Кеждуны мінеральныя ўгнаенні ўносіў Зыгмунд Лукашэвіч, якога неаднойчы прызнавалі лепшым касаром вобласці.
Зыгмунд Лукашэвіч на РУМе ўносіць у глебу ўгнаенні
У народзе кажуць: сыты працаўнік – добры працаўнік. Больш за трыццаць гадоў абеды ў КСУП “Гудагай” у поле хлебаробам прывозіць Іван Грамбоўскі.
Лічба 2 200 гектараў складзе сёлета азімы клін у КСУП “Гудагай”. 800 гектараў будзе адведзена пад трыцікале, 700 – пад пшаніцу, 650 зойме жыта, а ячмень – усяго 50.