Уладзіславу Краўчанку — 20 гадоў. Просты вясковы хлопец са шматдзетнай сям’і з Лоеўшчыны. Але менавіта ў яго гонар у родным сельскім Савеце арганізавалі святочную сустрэчу.
Пасля тэрміновай службы ў арміі Уладзіслаў Краўчанка вярнуўся ў родны аграгарадок Каўпень і… атрымаў ключы ад новенькага трактара.
З нецярпеннем чакалі дома маладога чалавека родныя, аднавяскоўцы. Чакалі яго і на першым працоўным месцы — сельгаспрадпрыемстве ААТ «Каўпень-Агра» Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці.
У гэтае жніво ў строй механізатараў нарэшце зноў стане доўгачаканы малады спецыяліст. Таму з нагоды вяртання Уладзіслава дадому арганізавалі святочную сустрэчу. Для мясцовых аграрыяў, аказалася, гэта натуральная традыцыя: падтрымаць маладога чалавека, які не шукае заробкаў у горадзе, а шчыруе на вёсцы.
Уладзіславу Краўчанку яшчэ не было 18 гадоў, калі ў роднай гаспадарцы яму даверылі работу на трактары з вельмі дарагім прэсам. Выпрабаванне малады чалавек прайшоў на выдатна. Восенню 2021 года хлопца прызвалі на тэрміновую службу ў армію. Выпала служыць у Брэсцкай вобласці, у пагранічных войсках. Дарэчы, падчас службы, калі прыехаў у Каўпень у водпуск, з радасцю сеў за трактар — 10 дзён «служыў» у полі і дапамагаў сваёй гаспадарцы падчас уборачнай.
— Вельмі прыемна і нечакана для нас, — ад імя сына і ўсёй вялікай сям’і кажа мама салдата — Іна Краўчанка, згадваючы, як у родным сельскім Савеце сустракалі сына з войска. — Калі сыну прыйшоў час вяртацца, старшыня гаспадаркі прапанаваў нам машыну, каб паехалі і забралі Уладзіслава. Мы адмаўляліся, саромеліся. Мы ж звычайныя простыя вясковыя людзі, бянтэжыць такая ўвага, але прыемная.
Іна шмат гадоў адпрацавала ў паляводчай брыгадзе, а апошнія гады даглядае цялят на малочнатаварнай ферме. Тата Міхаіл Краўчанка — механізатар, звыш 20 гадоў працуе ў роднай гаспадарцы, адзін з самых паважаных працаўнікоў у калектыве.
— Муж, дарэчы, як і сын, таксама ў свой час вярнуўся з арміі і адразу пайшоў працаваць у нашу гаспадарку механізатарам, — дзеліцца жанчына.
Пакуль працоўную дынастыю вырашыў працягнуць старэйшы сын Уладзіслаў. Але ў сям’і Іны і Міхаіла — яшчэ трое дзяцей. Сын Ілья вучыцца ў педагагічным каледжы ў Лоеве, дачка Вераніка — у Калінкавічах, а малодшая Аліна — яшчэ школьніца. Іна Краўчанка на вопыце сваёй сям’і пераканалася, што добрую работу і заробак на вёсцы заўжды можна знайсці.
— Нашаму Уладзіславу, напрыклад, пасля службы ў арміі шмат адкуль тэлефанавалі і запрашалі на работу. Прапанавалі працаваць і ў МНС, і ў пагранічнай заставе. Сын катэгарычна адмовіўся. Сказаў, што застанецца дома, у нашай гаспадарцы. Гэта яго выбар, і мы толькі падтрымліваем, — адзначае маці.
Між тым на ўрачыстую сустрэчу з нагоды вяртання маладога механізатара з войска ў Каўпень запрасілі не толькі спецыялістаў сельгаспрадпрыемства і сельскага Савета, але і гасцей з раёна. Павіншаваць Уладзіслава з вяртаннем дадому са службы прыехалі галоўны дзяржаўны інспектар упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Лоеўскага райвыканкама Валерый Юкоўскі і старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Хачык Мірзікян. Ключы ад новага трактара, на якім хлопец ужо выйшаў працаваць у поле, Уладзіславу Краўчанку ўручыў кіраўнік праекта ААТ «Каўпень-Агра» Пётр Носікаў. Менавіта ён, Пётр Іванавіч, прапанаваў сустрэць маладога механізатара з войска ўсёй вёскай.
— Ад гаспадаркі адправілі аўтамабіль у Брэст, каб маці з бацькам сустрэлі сына і спакойна вярнуліся дадому. Таму што ад нас да Брэста каля 350 кіламетраў у адзін бок, цяжка дабірацца, — тлумачыць Пётр Носікаў.
Увогуле ўсіх, хто едзе служыць, у гэтай гаспадарцы абавязкова забяспечваюць транспартам. Вяскоўцам зручна дабірацца да ваенкамата, і, вядома, бацькам будучых салдат лягчэй вярнуцца дадому. Усіх супрацоўнікаў, у каго дзеці пайшлі служыць, кіраўніцтва гаспадаркі абавязкова адпускае з’ездзіць на прысягу. Гэта непарушная традыцыя.
— Надумае Улад жаніцца — асабіста сватоў засылаць буду, — па-бацькоўску цёпла адзываецца аб маладым механізатары Пётр Носікаў ды заўважае, што яго, старшыню, запрашаюць на хрэсьбіны дзяцей аграрыяў.
— Калі Уладзіслаў яшчэ служыў, прыехаў у водпуск і выйшаў дапамагаць у поле, я даслаў падзячнае пісьмо камандзіру палка, каб ведалі, якога хлопца выхавалі ў роднай вёсцы, у калектыве, а ў арміі ён яшчэ больш загартаваў характар. Цяпер Улад прывёз у Каўпень пісьмо ад камандавання ў адказ. Першая радасць для мяне, каб маладыя нашы хлопцы і дзяўчаты тут жаніліся, будаваліся, дзяцей нараджалі і гадавалі, — дзеліцца кіраўнік ААТ «Каўпень-Агра».
У гаспадарцы працуе амаль 200 чалавек — гэта жыхары аграгарадка Каўпень, найбліжэйшых вёсак сельскага Савета і нават Лоева. На сельгаспрадпрыемстве замацаваўся кожны малады спецыяліст з тых, хто прыйшоў туды працаваць. А прыходзяць у гаспадарку і пасля школы, і пасля ліцэя, каледжа, універсітэта. Цяпер якраз у калектыве чакаюць новага маладога спецыяліста — эканаміста. Уся сям’я дзяўчыны працуе ў Каўпені, сама яна адвучылася ў Гомелі і таксама вяртаецца назад у аграгарадок на работу.
— Сярод усіх сельскіх Саветаў раёна наш, Каўпенскі, — адзін з лідараў па колькасці маладых сем’яў, — з гонарам за вяскоўцаў кажа старшыня Каўпенскага сельскага Савета дэпутатаў Лоеўскага раёна Людміла Прымак. — На першым месцы наш сельскі Савет па колькасці пабудаванага шматдзетнымі сем’ямі жылля. Каўпень жывы, малады аграгарадок, цэнтр гаспадаркі, цэнтр Савета. У нас ёсць уся інфраструктура — базавая школа, сельскі Цэнтр культуры і вольнага часу, сельская бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, магазіны змешанага тыпу, аддзяленне паштовай сувязі. Не так даўно адкрылася міні-пякарня. У аграгарадку таксама працуе спартыўная зала, у якой арганізавана работа гурткоў і секцый не толькі для дзяцей, падлеткаў, але і для вяскоўцаў любога ўзросту. Хочацца, безумоўна, каб моладзь заставалася жыць і працаваць у сельскім Савеце, — заклікае Людміла Уладзіміраўна.
Дарэчы, Каўпенскі сельсавет вылучаецца тым, як наладжана сумесная работа з мясцовай гаспадаркай па вырашэнні праблем жыццядзейнасці вяскоўцаў.
— Мы проста жывём, сябруем. Разам імкнёмся рабіць усё, каб у населеных пунктах было хораша і прыгожа. Бо тыя, для каго вёска — любімы родны дом, заўжды хочуць, каб яна жыла, чакала нашага вяртання, — перакананая старшыня Каўпенскага сельскага Савета дэпутатаў.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Газета «Звязда»