Пра меры падтрымкі маладых спецыялістаў у сельгасарганізацыях Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці расказала галоўны спецыяліст аддзела прагназавання, фінансавання і справаздачнасці ў АПК упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Анастасія Мацкела.
– У аграпрамысловую галіну Атравецкага раёна прыбыло 11 маладых спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, з якіх 4 вучыліся па мэтавым накіраванні. У КСУП «Гудагай» пачалі рабіць першыя крокі ў прафесію інжынер, ветурач, эканаміст, бухгалтар; у КСУП «Гервяты» – энергетык, ветурач, заатэхнік; у КСУП «Міхалішкі» – эканаміст; у РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» – інжынер і два аграномы. З сярэднеспецыяльнай адукацыяй на Астравеччыну ў асноўным прыехалі маладыя спецыялісты бухгалтарскага, эканамічнага і ветэрынарнага профілю, – патлумачыла спецыяліст. – Шэраг матэрыяльных гарантый і стымулаў для маладых спецыялістаў сельскай гаспадаркі прадугледжаны заканадаўствам. Так, яны атрымліваюць даплату да заработнай платы: у першыя два гады – 0,46 базавай стаўкі, ці 115 рублёў, у наступныя тры – 0,69, ці 172,5 рубля.
Акрамя гэтага, у кожным сельгаспрадпрыемстве ў калектыўным дагаворы прапісаны канкрэтныя даплаты. Так, у КСУП «Гервяты» маладыя спецыялісты з вышэйшай адукацыяй атрымліваюць пад’ёмныя ў памеры 50 базавых велічынь, з сярэдняй – 25, з профтэхнічнай – 10; у РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» – 20 і 12 базавых велічынь адпаведна; у КСУП «Гудагай» работнікам з вышэйшай і сярэдняй адукацый прадугледжана выплата 2-х акладаў, са спецыяльна-тэхнічнай – 2-х тарыфных ставак. Акрамя гэтага, у КСУП «Гервяты» устаноўлена штомесячная даплата маладым спецыялістам зааветэрынарнага профілю ў памеры 10 базавых велічынь.
Для маладых работнікаў прадастаўляецца жыллё (кватэры, дамы, месцы ў інтэрнаце) з цэнтральным вадазабеспячэннем і ацяпленнем. Пры неабходнасці кампенсуюцца затраты па найме жылога памяшкання. У КСУП «Гудагай» і «Гервяты», напрыклад, арганізаваны падвоз да месца работы. У некаторых гаспадарках наймальнік аплочвае маладым спецыялістам абанементы ў трэнажорную залу, басейн. У КСУП «Гервяты» аказваецца дапамога на набыццё прадметаў хатняга ўжытку.