На календары канец ліпеня – асабліва напружаны час для вяскоўцаў. Сярод мноства клопатаў галоўны зараз – пра хлеб. Жніво на Кіраўшчыне ў самым разгары. Вядома ж, у ход уборачных работ уносіць пэўныя карэктывы надвор’е. Для хлебаробаў найпершая задача – максімальна выкарыстаць кожную пагодную хвіліну, каб убраць збожжа ў аптымальныя тэрміны і без страт.
З кожным днём жніво ўсё бліжэй да свайго лагічнага завяршэння, а колькасць лідараў, якія дасягаюць значных вынікаў, павялічваецца. На працягу ўсёй уборачнай кампаніі ў кожным нумары раённая газета расказваецца пра лепшых камбайнераў, вадзіцеляў, аператараў сушыльных гаспадарак, якія сваёй стараннай і адказнай працай дабіваюцца высокіх вынікаў у рабоце, выходзяць на лідзіруючыя пазіцыі ў адпаведнасці з умовамі раённага спаборніцтва.
На мінулым тыдні колькасць ушанаваных на жніве хлебаробаў павялічылася: шэраг працаўнікоў сельгасарганізацый прымалі падарункі за добрасумленную працу, у іх адрас гучалі словы ўдзячнасці.
Экіпаж збожжаўборачнага камбайна ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” ў саставе Андрэя Дразда і Аляксандра Краўцова першым на Кіраўшчыне дасягнуў двухтысячнага намалоту!
Павіншаваць лідараў Жніва на палеткі сельгаставарыства ў нядзелю завіталі старшыня райвыканкама Галіна Слабоднікава, першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік райсельгасхарчу Сяргей Дарожкін, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дырэктар ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Аляксандр Багель, лідары прафсаюза.
Віншуючы маладых хлебаробаў з чарговым значным дасягненнем, Галіна Паўлаўна пажадала ім не зніжаць тэмпаў работ, каб у хуткім часе сярод чарговых перамог быў трохтысячны намалот збожжа, а магчыма і болей.
Віншаванні і падарункі ў гэты дзень прымаў і вадзіцель ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Аляксандр Белы, які перавёз ад камбайнаў больш за 2000 т збожжа. Аляксандр Багель уручыў лідару жніва Дыплом і пажадаў чарговых высокіх дасягненняў.
Павіншаваць удзельнікаў уборачнай кампаніі з чарговымі працоўнымі вышынямі і ўручыць ім заслужаныя ўзнагароды на палеткі КСУП “Ніва-Барсукі” завіталі намеснік старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Талайка, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Пятровіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер.
Словы падзякі за самаадданую працу прагучалі ў адрас вадзіцеля КСУП “Ніва-Барсукі” Івана Скрыпунова, які на МАЗ-6501-С9 перавёз больш за 1500 т збожжа. Па выніках раённага спаборіцтва Іван Іосіфавіч займае 3-е месца. Уладзімір Талайка уручыў перадавіку каштоўны падарунак і шчыра падзякаваў за важкі ўклад у харчовую бяспеку краіны, за адданасць прафесіі і добрасумленнае стаўленне да даручанай справы. Віктар Ставер уручыў перадавому вадзіцелю вымпел і наклейку лідара жніва.
Тысячны рубеж па намалотах на камбайнах айчыннай вытворчасці пераадолеў збожжаўборачны экіпаж у саставе Юрыя Сямёнава і Дзмітрыя Свірко з КСУП “Ніва-Барсукі”. Кіраўнік абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Уладзімір Пятровіч выказаў ім словы ўдзячнасці за старанную і адказную працу, разуменне важнасці правядзення жніва ў найкарацейшыя тэрміны і ўручыў Падзячныя пісьмы і падарункі.
У суботу віншаванні з чарговымі працоўнымі дасягненнямі прымаў лідар раённага спаборніцтва сярод вадзіцеляў, занятых на адвозцы збожжа ад камбайнаў – Васіль Марозаў з КСУП “Ніва-Барсукі”.
Першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік райсельгасхарчу Сяргей Дарожкін уручы перадавіку каштоўны падарунак і адзначыў, што менавіта працаўнікі вёскі ведаюць сапраўдную цану ўкладзенай у зямлю працы. Ён выказаў Васілю Фірсавічу ўдзячнасць за бездакорную працу, высокі прафесіяналізм, унесены значны ўклад ва ўборачную кампанію.
– Цяжка падлічыць, колькі тысяч тон збожжа я перавёз за гады, што працую ў сельскай гаспадарцы, – адзначыў Васіль Фірсавіч. – Прыемна, што наша старанная праца не застаецца без увагі кіраўніцтва раёна, сельгаспрадпрыемства. Амаль штогод я ў лідарах, бо ніколі не шкадую сіл – працую старанна ад цямна і да цямна. За гэтыя дзесяцігоддзі ніводнага разу не пашкадаваў, што жыву і працую на роднай зямлі, бо не ўяўляю сябе без любімай справы.
Пакуль вярстаўся нумар стала вядома, што на рахунку Васіля Марозава ўжо 3000 (!) тон перавезенага збожжа.
Жніво працягваецца – гэта значыць, што колькасць герояў уборачнай кампаніі, якія не па чутках ведаюць, што трэба зрабіць і колькі сіл прыкласці, каб непаўторны пах хлеба па-ранейшаму ствараў утульную атмасферу ў нашых дамах, будзе толькі павялічвацца!
Людміла СЯМЁНАВА
Фота аўтара
Источник kirovsk.by