На рахунку трактарыста ААТ “Орля” І.І. Дзятчыка 509 засеяных гектараў зямлі – гэта самы высокі паказчык сярод механізатараў, якія праводзілі сяўбу яравых зерневых і зернебабовых культур пры дапамозе навясных агрэгатаў. За працавітасць і прафесіяналізм Іван Іванавіч быў адзначаны Пісьмом-падзякай і грашовай прэміяй.
Такой высокай узнагароды ўдастоены ўпершыню, хоць і працую ў гаспадарцы ўжо 28 год, – прызнаецца перадавік. – Вельмі прыемна, што мае намаганні заўважылі. Між тым, я не ставіў перад сабой задачу перамагчы ў раённым спаборніцтве, проста добрасумленна і якасна выконваў свае абавязкі. Пры дапамозе навясной шасціметровай сеялкі на трактары МТЗ-1221 засяваў да 35 гектараў у дзень. У полі праводзіў увесь светлавы дзень, і толькі калі сонейка хавалася за гарызонт – вяртаўся дадому. Пасля кароткай вячэры адразу клаўся ў ложак, каб выспацца, бо пад’ём – на досвітку. Дырэктар гаспадаркі Аляксандр Уладзіміравіч Козіч паклапаціўся, каб у нас было якаснае насенне і яго падвозілі своечасова. Ды і палеткі пад сяўбу былі падрыхтаваны выдатна. Таму пасяўную кампанію завяршылі ў тэрмін.
Сярод тых, хто ў той дзень прымаў узнагароды, і перадавы механізатар ААТ “Шчучынаграпрадукт” С.У. Палубятка.
– Сёлета сеяў яравы ячмень, пшаніцу, бабовыя культуры і нават травы, – зазначае Сяргей Уладзіміравіч. – А калі прыйдзе час і хлебная ніва пакліча ў поле – перасяду на зернеўборачны камбайн “Палессе” і пачну жніво. Ужо тры гады запар я станаўлюся прызёрам раённага спаборніцтва на сяўбе яравых зерневых і зернебабовых культур. Як бачыце, заўсёды працую на сумленне!
Генрых Феліксавіч Шандроха і Ірына Казіміраўна Назарава наведалі і іншыя гаспадаркі раёна і ўручылі заслужаныя ўзнагароды перадавым механізатарам Станіславу Вацлававічу Тумаху (ААТ “АграГЖС”), Валерыю Мікалаевічу Жураўскаму (ААТ “Дэмбрава”), Юрыю Мар’янавічу Пазняку (саўгас “Вялікае Мажэйкава”) і Уладзіміру Валер’евічу Паўлюкевічу (ААТ “Васілішкі”).