Такім прынцыпам кіруюцца хлебаробы КСУП «Варняны», нягледзячы на тое, што масавую ўборку стрымліваюць дажджы. У адзін з пагодных дней разам з галоўным аграномам паглядзелі, які ўраджай вырас на варнянскіх нівах, і з першых вуснаў даведаліся, што хвалюе працаўнікоў гэтай гаспадаркі.
– Збожжавы клін у нашай гаспадарцы адзін з самых невялікіх у раёне – без малога 2,5 тысячы гектараў. Структура пасяўных плошчаў амаль не змянілася: праўда, вясной больш адвялі пад кукурузу на зерне. Да параўнання, летась пад гэтыя мэты каралева палёў была пасеяна на 22 гектарах, у гэтым годзе – на 150. Пасля дажджоў гэтая цеплалюбівіца палепшала. Першым укосам недабралі травяністых кармоў. Каб перакрыць іх недахоп, заклалі зернесянаж. На гэтыя мэты скасілі каля 160 гектараў збожжавых, – па дарозе абмаляваў справы ў раслінаводстве Іван Дзенюш. – Год няпросты для ўсіх аграрыяў, таму часу наракаць на надвор’е няма. Так сталася, што супалі тэрміны ўборкі і сяўбы азімых алейных культур. Хтосьці малоціць на камбайне, іншы культывуе і заворвае глебу. Сеем свірэпіцу – значнасць гэтай культуры ў рацыёне жывёл ранняй вясной складана пераацаніць. Работы хапае.
Не толькі Іван, але і яго родныя браты Валерый і Эдуард працуюць у варнянскай гаспадарцы: першы – механізатарам, другі – вадзіцелем. Атрымліваецца цэлы сямейны падрад!
Цікавімся ў тэхнолага варнянскіх ніў, ці даводзілася самому каштаваць смак камбайнерскага хлеба.
– А як жа! Некалькі сезонаў з Валерам абмалочвалі трокеніцкія нівы. Адзін год да жаданай тысячы 40 кілаграмаў не хапіла, – з усмешкай зазначыў Іван Дзенюш.
Збожжа з поля на зернесклад у КСУП «Варняны» адвозіць 8 адзінак тэхнікі. У мінулым годзе Эдуард Дзенюш першым у гаспадарцы перавёз тысячу тон збожжа і найлепш сярод вадзіцеляў раёна справіўся з адвозкай зялёнай масы падчас корманарыхтоўкі, па меркаванні прафсаюза работнікаў АПК.
– Колькасць рэйсаў вар’іруецца ў залежнасці ад надвор’я, аддаленасці ўчасткаў, – патлумачыў вадзіцель. – За гэты сезон найбольш было 8 рэйсаў. Збожжа адвозім на зернесклад у Варняны. За сяўбу, напрыклад, мы добра зарабілі, думаю, жніво таксама не стане выключэннем.
На полі заспела і аднаго з самых вопытных «варнянскіх» вадзіцеляў Уладзіміра Грынцэвіча, які чакаў пакуль камбайн наб’е бункер. З дзясятак гадоў назад, пакуль «гудагайцы» не сталі перавозіць зерне на МАЗах з прычэпамі, гэты працаўнік неаднойчы ўваходзіў у тройку першых вадзіцеляў-тысячнікаў раёна. Карлавіч – з кагорты даўнейшых працаўнікоў – заўзятых, адданых справе, якія шчыруюць не дзеля рубля, а таму што інакш проста не ўмеюць.
– Гэта ўборка для мяне 41-я. Аж самому не верыцца! – прызнаўся Грынцэвіч. – Найбольш за ўсе гады перавозіў 2 200 тон. Бачыце, на камбайне маячок загарэўся – трэба імчаць.
Хоць па тэхнічнай аснашчанасці і па ўраджайнасці КСУП «Варняны» па аб’ектыўных прычынах адстае ад перадавых гаспадарак, але толькі не па людскім рэсурсе. І вадзіцелі, і механізатары тут працуюць не менш плённа не адно дзесяцігоддзе. Як прыклад, «калгасныя пажарныя» Іван Лапінскі і Часлаў Комар. Патлумачым: так калегі жартоўна называюць механізатараў з-за таго, что яны дзяжураць на полі на трактарах з ёмістасцямі вады.
– У адным калгасе ўсё жыццё – з 1977-га. У гады маёй маладосці ўсе хлопцы ішлі ў трактарысты. Няма тых работ, на якіх ні працаваў бы. У апошнія гады падвожу на поле карбамідна-аміячную сумесь, ваду. Некалі і я, як хлопцы, убіраў ураджай, – паказваючы ў бок камбайнаў, якія абмалочвалі авёс, сказаў Часлаў Комар. – Тады яшчэ былі СК-4, без кабіны. Пыл, асцюкі, а мы, бы ашалелыя, да позняга вечара працуем.
Яшчэ адзін старажыл, вадзіцель Іван Лапінскі, жартаўліва прадставіўся «карэнным калгаснікам» і расказаў сваю жніўную гісторыю.
– Яшчэ падлеткам дапамагаў бацьку ўбіраць ураджай: шмат сезонаў у пары з ім адпрацавалі на «Ніве». Калі таты не стала, сам сеў за руль. Дзякуючы бацькавай навуцы неаднойчы займаў 1-е месца ў калгасе. За гэта тады давалі цяля. Пяць бычкоў зарабіў, – не без гонару расказвае Іван Лапінскі. – Стараліся ўбіраць без страт. Барані бог, калі брыгадзір ці аграном зярнятка на зямлі знойдзе – адразу стоп, машына. Сын Артур, відаць, па мне пайшоў. Некалькі гадоў назад ён першым сярод маладых вадзіцеляў стаў тысячнікам. Праўда, цяпер у КСУП «Варняны» не працуе.
На полі, дзе «пажарную» варту нёс Іван Лапінскі, на новым гомсельмашаўскім камбайне КЗС-1218 зернебабовыя абмалочваў Уладзіслаў Млынкоўскі.
На гэтую хлебаўборачную машыну прэтэндавалі адразу два механізатары. Каб ніхто не пакрыўдзіўся, на агульным савеце было вырашана падкінуць манетку. Так «арол і рэшка» вызначылі шчасліўчыка.
Пацікавіліся ва Уладзіслава, як працуецца на новай тэхніцы.
– Новы камбайн ад сваіх братоў-папярэднікаў адрозніваецца маторам і бункерам. У маім яго аб’ём на паўтары тоны больш. У жатак аднолькавы захоп, – расказаў малады камбайнер. – Гэтае жніво для мяне не першае. Некалькі сезонаў абмалочваў з бацькам «варнянскія» нівы, набраўся вопыту. Калі тата пайшоў на заслужаны адпачынак, я стаў камбайнерам. Механізатарская справа – маё. Некаторыя знаёмыя працуюць вадзіцелямі, дальнабойшчыкамі, а я люблю сельскагаспадарчую тэхніку. З дзяцінства з бацькам трактар круціў, у яго кабіне і выгадаваўся. На трактарыста адвучыўся ў мясцовым вучэбна-вытворчым камбінаце, які механізатары жартоўна між сабой называюць «варнянскай акадэміяй».
Па словах Уладзіслава, асаблівай розніцы, што ўбіраць, для яго няма. Аднак, як і любому камбайнеру, яму даспадобы азімая пшаніца. Гэтая культура высакарослая і ўраджайная – адпаведна лягчэй вымалочваецца і дае больш тон.
Аксакал камбайнерскай справы Юрый Мажэйка ў пары з пляменнікам Адрэем Стэхам працуе 9-ты сезон. У адзін голас хлебаробы сцвярджаюць, што з блізкім чалавекам нашмат прасцей.
– З дзядзькам разумеем адзін аднаго без слоў, – усміхаючыся расказвае Андрэй. – Ён толькі паглядзіць, а я ўжо ведаю, што трэба зрабіць.
– Мы на адной хвалі. Нават жонка мая кажа, што мы ў нечым падобныя, – пацвярджае словы свайго памочніка Юрый Мажэйка. – На гэтым камбайне працую пастаянна, 11-ты сезон ужо. За намалотам з пляменнікам не гонімся, хоць ужо маем 700 тон. Жаць, як жыць, трэба з толкам!