1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 303-87-47
ГлавнаяНовостиЖаніхоў трэба шукаць сярод камбайнераў
25 августа 2022

Жаніхоў трэба шукаць сярод камбайнераў

Калi ў горадзе дзяўчаты хочуць замуж за айцiшнiка, то ў вёсцы спадарожнiка жыцця варта шукаць сярод камбайнераў — яны не баяцца работы i ўмеюць зарабляць грошы.

У КСУП “Ельск” Гомельскай вобласці моладзі працуе дастаткова, не ўсе з’ехалi ў вялікія гарады ў пошуках лепшай долi. Працуюць і маладыя спецыялісты. У іх ліку Дзяніс Кукалка і Яўген Кухоцкі, якія шчыруюць на сёлетнім жніве ў складзе маладзёжнага экіпажу.

Дарэчы, і Дзяніс, і Яўген на час жніва змянілі свае асноўныя прафесіі на прафесію камбайнераў. Так, першы працуе загадчыкам машыннага двара, а другі толькі прыступіў да работы механікам пасля заканчэння Калінкавіцкага аграрнага каледжа.

Калі сябры хлопцаў у выхадны дзень могуць лішнюю гадзінку паспаць, то Дзяніс і Яўген гэтага сабе дазволіць не могуць: жніво не мае выхадных, кожная хвілінка дарагая. На пытанне, ці не цяжка даводзіцца хлопцам на ўборачнай, камбайнеры прызнаюцца: так, нялёгка, але на цяжкасці ніхто не скардзіцца, бо яны загартоўваюць характар, дазваляюць чалавеку браць прыступку за прыступкай. Немалаважнае значэнне мае і заробак, які можна атрымаць на жніве.

— Зарплата залежыць ад колькасці намалочаных тон, — расказвае Дзяніс Кукалка. – Зразумела, што і ад якасці таксама. Няякасны намалот сведчыць пра непрафесiяналiзм камбайнера, якi дрэнна адрэгуляваў свой камбайн.

Хлопцы да запаветнай тысячы намалочанага збожжа сёлета крыху не дацягнулі – ураджай на некаторых участках быў слабаваты. Тым не менш маладыя камбайнеры ўжо з’ўляюцца лідарамі  сярод маладзёжных экіпажаў. А поспех і перамогі прыйдуць з вопытам і часам. Так што, дзяўчаты, не губляйцеся і шукайце жаніхоў сярод камбайнераў!

Ганна Гаўрылава   

Газета «Народны голас»