1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 303-87-47
ГлавнаяНовостиЖыццё прысвяціў тэхніцы і дарозе
15 декабря 2021

Жыццё прысвяціў тэхніцы і дарозе

Сёлетні снежань для жыхара Жабінкі Яўгена Якавука асаблівы. Наш герой дасягнуў таго ўзросту, калі жыццё толькі пачынаецца, як казаў паштальён Печкін, выходзячы на пенсію. Аднак Яўген Міхайлавіч, які больш за чатыры дзясяткі працуе вадзіцелем на камбікормавым заводзе, нягледзячы на гэтую значную падзею ў жыцці, збіраецца яшчэ папрацаваць.

Верны прафесіі і роднаму заводу

– Не ўяўляю сябе без работы, без аўто, без роднага прадпрыемства, – кажа Яўген Якавук. – Жыццё праляцела імгненна. Здаецца, толькі ўчора я скончыў першую гарадскую школу, вадзіцельскія курсы ў ДТСААФ, а ўжо за плячыма 44 гады стажу за абаранкам аўтамабіля. За гэты час памяняліся чатыры кіраўнікі завода. Прымаў мяне на працу Сцяпан Іосіфавіч Шорах, а цяпер ужо дастаўляю да месцаў назначэння Ігара Пятровіча Лабаду.

Мяняліся дырэктары – вадзіцель заставаўся нязменны, а гэта значыць, такому чалавеку можна цалкам давяраць. Мяняліся і “жалезныя коні”, якімі ўмела кіраваў Яўген Якавук: ад “Волгі” і “Масквіча” да “Мазды”. Час не стаіць на месцы, аўтапарк абнаўляецца, даводзіцца асвойваць новыя маркі машын.

Увогуле, па адукацыі Яўген Міхайлавіч вадзіцель пагрузчыка, першапачаткова давялося папрацаваць і на ім. Ён кіроўца-прафесіянал.

– Сумленны, адказны, вопытны спецыяліст, – так кажа пра яго дырэктар прадпрыемства Ігар Лабада. – За тое неаднаразова атрымліваў Ганаровыя граматы, заслужана быў занесены на заводскую Дошку гонару, у Кнігу працоўнай славы, а сёлета да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК Яўген Міхайлавіч узнагароджаны Ганаровай граматай канцэрна “Мясамалпрам”. Пагадзіцеся, гэта шмат аб чым гаворыць і дарагога варта.

Усё жыццё Яўген Якавук прысвяціў тэхніцы і дарозе. За гэты час дакладна вывучыў многія аўтатрасы нашай рэспублікі.

– Не давялося пабываць толькі ў Віцебску, – кажа суразмоўца. — Аднак наперадзе яшчэ два гады працы па кантракце, мо і туды даедзем.

Стаж Якавукоў – больш за сто гадоў

Цікава і тое, што Яўген Міхайлавіч – прадаўжальнік працоўнай дынастыі. Тры пакаленні Якавукоў выбіралі працу на Жабінкаўскім камбікормавым заводзе. А пачалася дынастыя з матулі. Надзея Рыгораўна прыйшла ўладкоўвацца на прадпрыемства ў 1969 годзе апаратчыкам камбікормавай вытворчасці. На заслужаны адпачынак яна пайшла пасля 26 гадоў шчырай сумленнай працы на карысць роднага завода.

У 1980-м на камбікормавы ўладкаваўся кіроўцам наш герой, а праз 15 гадоў у вытворча-тэхналагічную лабараторыю прыйшла працаваць яго жонка Марыя Іванаўна. За гэты час яна дарасла ад радавога лабаранта да інжынера-лабаранта, таксама неаднойчы ўзнагароджвалася, мае пашану і аўтарытэт. І нарэшце, трэцяе пакаленне Якавукоў – гэта ўнук заснавальніцы дынастыі Яўген Яўгенавіч. Сын нашага суразмоўніка працуе інжынерам-метролагам, а яго жонка Вольга – у групе па продажы кармоў. З Яўгенам Міхайлавічам падлічылі: агульны працоўны стаж сям’і Якавукоў складае больш за сто гадоў!

Апора і падтрымка адзін аднаму

У гэтай цудоўнай руплівай сям’і пануе атмасфера любові, павагі і ўзаемападтрымкі. Якавукі разам працуюць, разам адпачываюць.

У вольны ад работы час Яўген Міхайлавіч любіць парыбачыць або паняньчыцца з унукамі, якіх у яго шасцёра. Сынам — Міхаілу і Яўгену — дапамог пабудаваць уласныя дамы: без справы сядзець не ўмее.

А яшчэ Яўген Якавук ганарыцца тым, што нарадзіўся ў адзін дзень са знакамітым рускім паэтам Аляксандрам Пушкіным – 6 чэрвеня, а дзяды-прадзеды жылі ў Жабінцы, якую Яўген Міхайлавіч вельмі любіць і шчыра радуецца, што горад-спадарожнік развіваецца, забудоўваецца, прыгажэе. Напярэдадні Новага года Жабінка расквецілася агнямі, няхай такім жа яркім ды насычаным будзе і жыццё нашага героя. Зялёнага вам святла і няслізкай дарогі, Яўген Міхайлавіч!