Сям’я, вёска, работа – галоўныя каштоўнасці ў жыцці ветэрынарнага фельчара малочна-таварнага комплексу «Маркуны» КСУП «Міхалішкі» Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці Веранікі Кранкоўскай.
З мужам яны выхоўваюць траіх дзетак і, без перабольшвання, жанчына з’яўляецца другой мамай для некалькіх соцень бычкоў і цялушак. Прынамсі, малышы так лічаць: варта падысці Вераніцы да клеткі, як адтуль паказваецца цікаўная пыска…
МТК «Маркуны» – адзіны комплекс у КСУП «Міхалішкі». На гэтым жывёлагадоўчым аб’екце ўтрымліваецца звыш паўтары тысячы галоў, у тым ліку 286 цялят.
Вядома, што добрая малочная карова пачынаецца з цялушкі, таму самым маленькім жыхарам маркунскага комплексу надаецца вялікая ўвага. За іх захаванасць і здароўе, правядзенне ветэрынарных працэдур і маніпуляцый адказвае Вераніка Кранкоўская. Акрамя гэтага, спецыяліст працуе з масцітнымі каровамі.
Па тым, як ветэрынар клапатліва аглядала пастаяльцаў індывідуальных дамкоў, ласкава размаўляла з імі, бачна, што жанчына на сваім месцы, больш таго: шчыра любіць тое, чым займаецца. Запытала ў Веранікі, адкуль у яе любоў да жывёл і чаму яна выбрала прафесію сельскагаспадарчага профілю.
– Мама ўсё жыццё адпрацавала на ферме ў вёсцы Сыраватцы Смаргонскага раёна. З маленства я ёй дапамагала. У кожнай даяркі была свая група кароў. Пакуль мама іх даіла, я клапацілася пра цялят: перасцілала ў клетках, паіла іх. Мне падабалася гэта, яны такія мілыя і пацешныя, – успамінае жанчына. – Таму ў Ільянскі каледж паступіла свядома: з дзяцінства ляжала душа да ветэрынарыі. Адпрацавала 3 гады ў адной з гаспадарак Ашмянскага раёна. А на Астравеччыну мяне прывяло каханне. У навагоднюю ноч агульныя сябры пазнаёмілі з будучым мужам. Так з 2013 года з Эдзікам і не разлучаемся. На работу мяне ўзяў светлай памяці Аляксандр Чаплінскі, нам выдзелілі калгасны дом. У перапынках паміж дэкрэтнымі адпачынкамі так і працую на адным месцы.
Па прызнанні ветфельчара, яна не падзяляе абавязкі на свае і чужыя: калі ёсць патрэба, дапамагае расцяліцца карове, правярае субклініку і многае іншае. Але найбольш ёй падабаецца працаваць з цялятамі.
– Яны як дзеці. Як і ў людзей, так і ў жывёл: ад таго, як пра малое клапаціліся ў маленстве, шмат у чым залежыць далейшы стан арганізма, – упэўнена спецыяліст. – У першыя хвіліны жыцця цяля выпойваем малозівам і змяшчаем пад спецыяльную лямпу, каб абсохла. Апрацоўваем пупавіну і абавязкова робім прафілактычную апрацоўку супраць беламышачнай хваробы, «плюс» вітамінізацыя. Праз суткі цялятка пераводзім у індывідуальны дамок. Кожнаму ў месячным узросце праводжу вакцынацыю супраць лішаю, абавязкова апрацоўваю «камбавакам» супраць вірусных захворванняў… Словам, усё па-сур’ёзнаму. (Усміхаецца.)
У дзень, калі мы гутарылі з Веранікай, пад яе апекай было каля 80 малышоў ва ўзросце да 2-х месяцаў. Пра хваробы цялят і іх прафілактыку, асабівасці ўтрымання, ветэрынарныя працэдуры ветфельчар можа гаварыць бясконца.
– Часам з аднаго позірку на жывёліну магу сказаць, што яна прыхварэла. Калі цялятка здаровае, яно вылазіць з доміка і падыходзіць да чалавека – як дзіця, цікавіцца, хто прыйшоў. Калі малому нездаровіцца, могуць быць апушчаны вушы, дрэнны апетыт. Але стан здароўя найлепш адлюстроўваюць вочы: яны запалыя – словамі гэта складана растлумачыць, – працягвае суразмоўца. – Калі ў жывёліны тымпанія рубца, малы нагадвае калабок – характэрны болі, уздуцце жывата. Пнеўманію можна вызначыць па цяжкім дыханні, кашлі. Дыспепсія небяспечна хуткасным развіццём.
Нягледзячы на загружанасць на комплексе, маладая ветфельчар паспявае здымаць невялікія відэа рабочых момантаў, адпачынку з блізкімі.
– Штосьці выкладваю ў «ЦікТок», іншае – у «Інстаграм». У мяне няшмат падпісчыкаў (агулам каля 2-х тысяч), але кожны станоўчы каментарый ці «сэрцайка» грэюць душу, – прызналася гераіня.
...Адзін з ролікаў, дзе цялятка літаральна туліцца да жанчыны, Вераніка падпісала: «Ну і як тут іх не любіць? Зацалавалі!»
…А цяляты, як дзеці, адказваюць узаемнасцю тым, хто іх любіць па-сапраўднаму!
Алёна Гануліч, фота аўтара